Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Кабинет военно-патриотического воспитания

   У Год гістарычнай памяці ва ўстанове адукацыі адбылася знакавая падзея: стаў функцыянаваць кабінет ваенна-патрыятычнага выхавання.Калектывам работнікаў і вучняў быў рэалізаваны праект “След вайны ў маёй сям’і”.

     Вучні, настаўнікі, работнікі школы зрабілі вялікую работу па вывучэнні звестак аб родных і блізкіх сямей членаў калектыву, удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. З мэтай вывучэння падымаліся архіўныя матэрыялы, вяліся запісы ў сем’ях родных ветэранаў вайны і вязняў фашысцкіх канцлагераў, па крупінках збіраліся звесткі аб тых, хто загінуў, прапаў без звестак на франтах. Удалося сабраць фотаздымкі, пісьмы з фронту, ваенныя білеты, узнагародныя медалі і ордэны. Сабраны матэрыял быў сістэматызаваны па шасці экспазіцыях: “Так пачыналася вайна”,“Фронт у тыле ворага”,“След вайны ў маёй сям’і”, “Памяць пакаленняў”, “Беларусь памятае”, “Сувязь пакаленняў”.

       У першай экспазіцыі “Так пачыналася вайна” прадстаўлены дакументальны матэрыял аб пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Есць копіі дакументаў пад грыфам “сакрэтна”: напрыклад, Дырэктывы № 21 (той самы план “Барбароса” ад 18 снежня 1940 г.) і дадатковыя ўказанні да яе; Дырэктывы Наркама абароны СССР № 2 ад 22 чэрвеня 1941 г., якая была адпраўлена ў войскі ў 7 гадзін 15 хвілін 22 чэрвеня 1941 г.) і іншыя матэрыялы. Маюцца таксама ўспаміны мясцовых жыхароў аб самым пачатку вайны.

Другая экспазіцыя “Фронт у тыле ворага” расказвае аб першых днях акупацыі ў вёсцы Адрыжын, аб супраціўленні нашых землякоў ворагу. Было яно нябачным, маўклівым, але ўпартым. Гэтая экспазіцыя апавядае аб дапамозе акружэнцам, асабліва знясіленым, параненым, якія прабіраліся на ўсход, яўрэям, савецкім актывістам, аб прыхаванні таго, што маглі забраць немцы, аб асцярожным нявыкананні распараджэнняў акупацыйных улад. Таксама ў гэтай экспазіцыі расказваецца аб тым, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны не заставаўся ў баку да набліжэння перамогі і пратаірэй Васіль Данілавіч Капычка, тагачасны настаяцель Адрыжынскай Свята-Успенскай царквы. Пачэснае месца ў гэтай экспазіцыі займае макет млына, які быў ў гады вайны яскравым прыкладам подзвігу нашых землякоў.

       Наступная экспазіцыя “След вайны ў маёй сям’і” апавядае аб тым, які след пакінула вайна ў сям’і нашай настаўніцы, Наталлі Вітальеўны Устымчук. Яе маці ў чатырнаццаць гадоў была адпраўлена ў Германію ў горад Кёльн на прымусовыя работы. У юным узросце тата быў актыўным удзельнікам партызанскага руху: як і дарослыя, ён нёс кругласутачнае дзяжурства, арганізаванае партызанамі, на ўездзе ў вёску Адрыжын з мэтай своечасовага папярэджання аб набліжэнні немцаў, адвозіў муку ад партызанскага млына на сваім кані ў атрад імя Лазо, перавозіў партызан з атрада імя Лазо ў іншы атрад, у лес пад Пінскам. Яму належала вельмі вялікая роля ў гісторыі з выратаваннем млына.

У чацвёртай экспазіцыі “Памяць пакаленняў” расказваецца аб родных і блізкіх калектыва школы, якія ваявалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тут таксама апавядаецца пра тое, што пасля вызвалення Беларусі яшчэ працяглы час банды нацыяналістаў наводзілі жах на мясцовых жыхароў. Ад рук бандытаў гінулі і простыя вяскоўцы, і прадстаўнікі савецкай улады.

             У экспазіцыі “Беларусь памятае” на Сцяне Памяці размешчаны фотаздымкі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Адрыжынскага сельскага Савета. Тут знаходзіцца адна з шасці копій сцяга Перамогі, які першага мая ў час Берлінскай штурмавой аперацыі быў узняты на даху будынка рэйхстага ў горадзе Берліне воінамі Чырвонай Арміі. Гэту копію сцяга падарыў выпускнік нашай школы 1974 года генерал-маёр Іван Вітальевіч Барадзінчык. Тут жа і выявы медалёў, якімі былі ўзнагароджаны   нашы землякі. Унізе на пліце размешчаны прозвішчы тых землякоў, якія загінулі, прапалі без звестак у час Вялікай Айчыннай вайны.

У шостай экспазіцыі“Сувязь пакаленняў” паказана непарыўная сувязь паміж пакаленнямі. Гэта цеснае супрацоўніцтва школы, бацькоў, грамадзянскіх аб’яднанняў “БРСМ” і “БРПА” з ваеннаслужачымі пагранічнай заставы “Адрыжын”, Свята-Міхайлаўскай царквой, Адрыжынскім сельвыканкамам і жывымі сведкамі падзей Вялікай Айчыннай вайны, якіх зараз сярод нас, на жаль, становіцца ўсё менш.

       Кабінет ваенна-патрыятычнага выхавання накіраваны на выбар выпускнікамі ваенных прафесій, на выпрацоўку ў юнакоў станоўчага стаўлення да службы ў арміі, да імкнення і жадання абараняць сваю Радзіму.

         Дзверы кабінета заўседы расчынены, тут праводзяцца ўрокі памяці, урокі мужнасці, выхаваўчыя мерапрыемствы, якія выклікаюць у вучняў цікавасць да гісторыі малой Радзімы, лёсу землякоў.

Фотаматэрыялы

  • Стена памяти "Беларусь помнит"
  • Память поколений
  • Фронт в тылу врага
  • След войны в моей семье
  • Награды и  наградные книжки

Раздзелы сайта